Абмен вопытам – ужо традыцыя: у Мінску адбыўся IV сумесны семінар Інстытута Следчага камітэта і ІППК БДУ

Навіны

На базе Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ (ІППК БДУ) і Інстытута Следчага камітэта 28-29 студзеня 2026 г. адбыўся чацвёрты навукова-практычны семінар «Прававыя і арганізацыйныя асновы ўзаемадзеяння органаў пракуратуры і Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь у дасудовам справаводстве па крымінальных справах». У рабоце форуму прынялі ўдзел слухачы (пракурорскія і следчыя работнікі), кіраўніцтва і прафесарска-выкладчыцкі склад названых устаноў адукацыі, прадстаўнікі шэрагу ведамстваў.

Мадэратарамі мерапрыемства выступілі загадчык кафедры пракурорскай дзейнасці ІППК БДУ Людміла Зайцава і прафесар кафедры кіравання органамі папярэдняга следства Інстытута Следчага камітэта Сяргей Цішук.

Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў, дырэктар ІППК БДУ Аксана Здрок адзначыла асаблівую значнасць абмену вопытам, акцэнтавала ўвагу на практычнай накіраванасці форуму, важнасці пастаяннага пашырэння яго тэматыкі з улікам сучасных рэалій.

З дакладамі па актуальных пытаннях папярэдняга следства, дазнання, працэсуальнага кантролю, пракурорскага і судовага нагляду выступілі суддзя Вярхоўнага Суда – Аляксандр Саўчук, кіраўнікі і супрацоўнікі структурных падраздзяленняў Генеральнай пракуратуры – Аляксандр Дзямідаў, Ігар Сеўрук, Ігар Сеніў, Віталь Сузанскі, Сяргей Замара, Марына Асіпчык, Юлія Харчэйкіна, Кірыл Чубкавец, кіраўнікі структурных падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў – Іван Раманюк і Дзяніс Мухтараў, супрацоўнікі Цэнтральнага апарата Следчага камітэта – Леанід Мельнік, Аляксандр Нявераў і Інстытута Следчага камітэта – Павел Клімята, Павел Сядых, Сяргей Цішук.

Асаблівае месца ў праграме мерапрыемства заняло выступленне начальніка ўпраўлення па нагляду за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генеральнай пракуратуры Валерыя Талкачова, які давёў бягучыя вынікі расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.

Для ўдзельнікаў семінара работнікамі Прэзідэнцкай бібліятэкі была арганізавана тэматычная выстава «Гісторыя органаў папярэдняга следства Рэспублікі Беларусь. Следчы камітэт: 15 гадоў на варце законнасці і справядлівасці».

Закрываючы форум, начальнік Інстытута Следчага камітэта Юрый Камянецкі выказаў упэўненасць у правільнасці абранай установамі адукацыі формы ўзаемадзеяння, якая дае магчымасць кожнаму ведамству не толькі ацаніць уласную дзейнасць, але і глыбей зразумець працу калег, што паслужыць мэтам умацавання асновы сапраўднага правасуддзя.

УСТАНОВА АДУКАЦЫІ «ІНСТЫТУТ ПАВЫШЭННЯ КВАЛІФІКАЦЫІ І ПЕРАПАДРЫХТОЎКІ СЛЕДЧАГА КАМІТЭТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ»