Новыя вектары супрацоўніцтва ведамасных устаноў адукацыі Беларусі і Расіі

Навіны

Дэлегацыя Луганскай Акадэміі Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі на чале з рэктарам Сяргеем Хар’яковым з 25 па 27 лютага 2026 г. наведала з афіцыйным візітам Рэспубліку Беларусь. Асноўнай мэтай перамоваў стала павышэнне эфектыўнасці міжведамаснага ўзаемадзеяння ў сферы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для органаў папярэдняга следства дзвюх брацкіх краін і абмен унікальным вопытам расследавання злачынстваў, процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму.

У рамках візіту адбылася рабочая сустрэча дэлегацыі з кіраўніком Інстытута Следчага камітэта Юрыем Камянецкім.

– Следчыя ведамствы Беларусі і Расіі настроены на доўгатэрміновае і плённае супрацоўніцтва ў справе падрыхтоўкі высакакласных спецыялістаў для следчых органаў, здольных эфектыўна супрацьстаяць сучасным выклікам і пагрозам. Упэўнены, што разам мы зможам даць адпор злачынным замахам як у кіберпрасторы, так і ў іншых сферах, забяспечым мірнае і бяспечнае існаванне нашых народаў, – адзначыў кіраўнік установы адукацыі ведамаснага падпарадкавання.

– Беларускі вопыт процідзеяння злачыннасці вельмі важны для нас. У сваю чаргу мы прадаставім беларускаму боку нашы самыя актуальныя напрацоўкі па правядзенні следчых дзеянняў і арганізацыі работы следчых, – акцэнтаваў рэктар Луганскай акадэміі Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі Сяргей Хар’якоў.

Прадстаўнікі расійскага боку азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай Інстытута Следчага камітэта, магчымасцямі крыміналістычнага палігона, а таксама з інтэрактыўнымі навучальнымі матэрыяламі, уключаючы ўнікальныя 3D-туры па месцах здзяйснення злачынстваў.

Кіраўніцтва і прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу Інстытута Следчага камітэта сумесна з калегамі з Луганскай Акадэміі Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі вызначылі канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва ў галіне навучання расійскіх і беларускіх следчых тактыцы работы з лічбавымі актывамі, агляду камп’ютарнай інфармацыі, выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў пры здзяйсненні следчых дзеянняў, правядзення агляду месца здарэння ў розных умовах.

Па выніках візіту падпісана праграма па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве, у якой замацаваны дасягнутыя дамоўленасці і вызначаны дакладны план сумесных дзеянняў па іх практычнай рэалізацыі.

УСТАНОВА АДУКАЦЫІ «ІНСТЫТУТ ПАВЫШЭННЯ КВАЛІФІКАЦЫІ І ПЕРАПАДРЫХТОЎКІ СЛЕДЧАГА КАМІТЭТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ»