У Інстытуце адзначылі Дзень роднай мовы

Новости

Я па літарах родных вучыўся чытаць,

І буквар для мяне быў жыцця палавінай.

Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць

Першы раз: «Беларусь, мая сонца-краіна!»

І цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй…

Ніл Гілевіч

Словы знакамітых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў гучаць у Міжнародны дзень роднай мовы у Інстытуце Следчага камітэта. Выклыдчыкі і слухачы віншуюць адзін аднаго са святам, падкрэсліваюць важнасць для кожнага з нас ведання мовы нашых продкаў. Шмат для яе захавання і ўпарадкавання зрабілі літаратурныя творцы і рэдактары Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч і інш.

З маленства мы знаёмімся з роднай мовай, вучым на памяць вершы, надрукаваныя ў школьных падручніках, размаўляем, удасканальваем веды і крок за крокам пераконваемся: беларуская мова – прыгожая і незвычайная, багатая і мілагучная. Яна наш агульны скарб, нацыянальнае багацце.

Па ўсёй рэспубліцы 21 лютага праводзяцца адпаведныя канферэнцыі, літаратурныя імпрэзы, сустрэчы са знакамітымі дзеячамі. Самае вядомае і маштабнае з мерапрыемстваў – рэспубліканская дыктоўка.

У гэтым годзе выкладчыкі Інстытута Следчага камітэта вырашылі арганізаваць для слухачоў сваю тэматычную беларускамоўную дыктоўку. Яе правёў начальнік ведамаснай установы адукацыі Юрый Камянецкі. Маладыя афіцэры паспрабавалі без памылак зафіксаваць у пісьмовым выглядзе расказ падазраванага аб акалічнасцях, вядомых яму па крымінальнай справе. Пісалі не проста на паперы – запаўнялі адпаведны дакумент (пратакол дадатковага допыту падазраванага).

Вынікі парадавалі і выкладчыкаў, і навучэнцаў, якія мелі магчымасць яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што прафесійная лексіка следчага – своеасаблівая, і вывучаць яе, хоць і часам скаладана, аднак цікава і неабходна.

У сваім віншаванні з Днём роднай мовы Юрый Камянецкі адзначыў:

– Нягледзячы на тое, што ў Беларусі дзве мовы прызнаны афіцыйнымі, беларуская заўсёды будзе для нас асабліва блізкай. Гэта добра разумеюць і супрацоўнікі Следчага камітэта. Абараняючы Радзіму, мы абараняем нашу самабытнасць.

Асаблівае значэнне свята набывае ў Год міру і стварэння, бо стварэнне ўсяго найлепшага і яднаючага нас немагчыма без апелявання да таго, што мы маем.

УЧРЕЖДЕНИЕ ОБРАЗОВАНИЯ «ИНСТИТУТ ПОВЫШЕНИЯ КВАЛИФИКАЦИИ И ПЕРЕПОДГОТОВКИ СЛЕДСТВЕННОГО КОМИТЕТА РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ»